Эканоміка Вугоршчыны
Вугоршчына зьяўляецца індустрыйяльна-аграрнай краінаю. Асноўныя галіны прамысловасьці: горная, мэталюргія, будаўнічыя матэрыялы, харчовая, тэкстыльная, хімічная (асабліва фармакалягічная), маторабудаўніцтва. Асноўныя віды транспарту ў Вугоршчыне: чыгуначны, аўтамабільны, рачны (па рацэ Дунай). Будапэшт — галоўны транспартны вузел Вугоршчыны. Шырокую вядомасьць атрымалі вугорскія аўтобусы Ikarus.
Асноўныя прамысловыя цэнтры краіны месьцяцца ў местах Д'ёр і Дэбрэцэн. Традыцыйны мэталюргічны цэнтры — Дунаўйварош і Мішкальц. Каля 70% тэрыторыі Вугоршчыны займаюць сельска-гаспадарчыя землі. 17% тэрыторыі пакрытыя лясамі. Асноўная прамысловасьць знаходзіцца на раўнінах усходняй і цэнтральнай часткі краіны. Грашовая адзінка — Форынт.
Пасьля Другой Сусьветнай вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На працягу двух дзесяцігодзьдзяў пасьля заканчэньня Другой Сусьветнай вайны Вугоршчына пераўтварылася зь пераважна аграрнай краіны ў індустрыяльна-аграрную краіну.
У пасьляваенны пэрыяд асноўнай структурнай зьменай у сыстэме працоўных рэсурсаў стаў ператок працоўнай сілы зь сельскай гаспадаркі (у якой у 1949 року працавала больш за палову ад усяго працаздольнага насельніцтва краіны) ў прамысловасьць. У 1949—1983 роках колькасьць занятых у горназдабыўной і апрацоўчай прамысловасьці вырасла да 857 000, тады як у сельскай гаспадарцы паменшылася на 1 113 000 чалавек. У 1970-х Вугоршчына становіцца самым буйным вытворцам аўтобусаў у Эўропе. Пастаўляючы прадукцыю ў асноўным у краіны сацыялістычнага блёку. Зарэгістраваная ў 1992 року колькасьць занятых разьмяркоўвалася наступным чынам: 29% — у прамысловасьці; 15% — у ахове здароўя, сацыяльнай інфраструктуры й культуры; 14% — у сельскай і лясной гаспадарцы; 13% — у гандлі; і 9% — на транспарце й у сфэры тэлекамунікацыяў. Павялічылася доля працуючых жанчын: ў 1949 яны складалі толькі 25% занятых, але ў 1994 гэтая лічба складала 52,8%. У другой палове 1990-х доля жанчын у ліку занятых зьнізілася да 49,8%. Пераход да капіталізму ў пачатку 1990-х гадоў выклікаў рэзкі рост узроўню беспрацоўя: колькасьць зарэгістраваных беспрацоўных павялічылася з 79 521 чал. у 1990 року да 657 331 чал. у канцы 1993. Аднак пачынаючы з 1994 адсотак беспрацоўя стаў зьніжацца й дасягнуў 10% у канцы 1998 року.
У сучасны пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1990 Вугоршчына пачала пераход да свабоднай рынкавай эканоміцы. Некаторыя істотныя эканамічныя меры былі прынятыя ў пачатку 1990-х, аднак галоўныя рэформы пачаліся ў 1995 року. Інвэстыцыі ў вугорскую эканоміку: 1995 — больш за 4 млрд дал., 1996 і 1997 па 3,6 мільярда даляраў.
У 1980 валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Вугоршчыны быў прыкладна эквівалентны 20 млрд дал. або каля 2000 даляраў на душу насельніцтва. У канцы 1980-х пачалася стагнацыя ВУП, а на працягу пераходнага пэрыяду 1990-х рокаў у эканоміцы аб’ём ВУП стаў зьмяншацца. У 1991 ВУП быў на 11,9% ніжэй за ўзровень 1990. У далейшым ВУП павялічваўся.
У 1997 структура энэргазабесьпячэньня была наступная: каля 69,3% — вуглевадародныя крыніцы, 12,6% — вугалю, 10,1% — ядзерная энэргія, 7% імпартуемай электраэнэргіі, 1,0% — драўніна. Назіраецца тэндэнцыя да істотнага павелічэньня долі атамнай электрастанцыі (доля АЭС Paks у 2001 — 40%). У 1997 Вугоршчына спажывала 37 215 мегават гадзін электраэнэргіі, 93% вырабляюцца ў краіне.
Па зьвестках Індэксу эканамічнай свабоды ВУП Вугоршчыны складае $ 49,7 млрд. Тэмп росту ВУП — 5,1%. ВУП на душу насельніцтва — $ 4920. Прамыя іншаземныя інвэстыцыі складаюць $ 890 млн Імпарт (нафта й нафтапрадукты, прыродны газ, тэкстыль і вырабы зь яго, жалеза й сталь, машыны, сродкі перамяшчэньня) — $ 28 млрд. Імпарт разьмяркоўваецца наступным чынам: Нямеччына — 28,2%; Аўстрыя — 9,6%; Італія — 7,6%; Расея — 6,5%. Экспарт (транспартныя машыны, вопратка, абутак, хімічныя прадукты, лекі, нафтапрадукты, жалеза й сталь) — $ 26 млрд. Экспарт разьмяркоўваецца наступным чынам: Нямеччына — 36,6%; Аўстрыя — 10,6%; Італія — 5,8%; Нідэрлянды — 4,7%.